ТЭРМА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ (ад франц. thermal цёплы),

падземныя воды з т-рай ад 20 °C і вышэй. Награваюцца за кошт цяпла глыбокіх зон зямной кары. У залежнасці ад т-ры падзяляюцца на нізкатэрмальныя — цёплыя (20—40 °C) і гарачыя (40—70 °C); высокатэрмальныя — вельмі гарачыя (70—100 °C), перагрэтыя (100—375 °C) і надкрытычныя (вышэй за 375 °C). Паводле хім. саставу вады — ад прэсных і саланаватых гідракарбанатных, гідракарбанатнасульфатных, кальцыевых і натрыевых да салёных і расольных хларыдных, хларыдна-натрыевых, кальцыева-натрыевых, серавадародных і метанавых. У горных краінах (Альпы, Каўказ, Цянь-Шань, Памір) Т.в. выходзяць на паверхню ў выглядзе шматлікіх гарачых крыніц, у раёнах сучаснага вулканізму (Камчатка, Ісландыя) — у выглядзе гейзераў і паравадзяных струменяў. Выкарыстоўваюцца ў бальнеалогіі, таксама для ацяплення і энергет. установак. На Беларусі выяўлены ў Прыпяцкім прагіне (на глыб. 1,5—5 тыс. м), Брэсцкай і Аршанскай упадзінах (на глыб. 200—600 м).

т. 16, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)